Мацнее ўбойная сіла сурагатаў


За апошнія шэсьць гадоў ад атручваньня алькаголем у краіне загінула 16,5 тысяч чалавек. Гэта невялікі сельскі раён.

Бабруйскі варыянт

У Бабруйску супрацоўнікі міліцыі правялі маштабную акцыю па ліквідацыі падпольных пунктаў продажу моцных напояў. Рэйды ўразілі: шмат якія кватэры ў жылых дамах фактычна былі пераабсталяваны пад своеасаблівыя крамы: мэталічныя дзьверы, акенца для падачы тавару, прадаўцы працуюць зьменамі, а суседзі стаяць на "шухеры".

Разьведзеныя вадой "Кірушы" і "Максымкі" карысталіся шалёным попытам. Будзённымі сталі такія, напрыклад, паведамленьні ў міліцэйскіх зводках: "У Бабруйску ў двары дома 65-гадовай пэнсіянэркі знойдзена 1500 літраў вадкасьці, якая ўтрымлівае сьпірт, на агульную суму 15 млн. рублёў. Сьпірт канфіскаваны, грамадзянка прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасьці".

Гандляры сурагатным алькаголем адмаўляюцца плаціць штрафы, афіцыйна спасылаюцца на беспрацоўе і адсутнасьць крыніцаў даходу. І разам з тым, здараецца, будуюць на "сьпіртавыя" грошы прыстойныя катэджы. Судовыя выканаўцы апісываюць маёмасьць, каб парушальнікі антыалькагольнага заканадаўства знаходзілі магчымасьць плаціць штрафы.

Убойная сіла таннага сурагату

100 грамаў разьведзенай вадой з-пад крана сьпіртавой тэхнічнай вадкасьці каштуе 400 рублёў, літар – адпаведна, чатыры тысячы рублёў. Сурагат таньнейшы за легальную гарэлку, а моцнасьць большая. Але і ўбойная сіла (у літаральным сэснсе) – таксама большая.

У зьвязку з сурагатнымі сьпіртамі зьявіўся новы мэдыцынскі тэрмін – таксычн гепатыт. У большасьці выпадкаў людзі, атручаныя "кірушамі", паміраюць, а калі не – то дажываюць век інвалідамі. Хоць пра небясьпеку ведаюць, але, тым не менш, п’юць.

Перад парушальнікамі антыалькагольнага заканадаўства ў Бабруйску выступалі сьвятары і расказвалі, што гандль сурагатамі царква прыраўноўвае да парушэньня запавету "Не забій!" А міліцыянэры адкрылі гарачую лінію і кажуць, што кожнага, хто здаў інфармацыю пра нелегальны пункт продажу алькаголю, трэба ўзнагароджваць: за нераўнадушша да людзей, які могуць пацярпець ад ужываньня сурагату.

Чаркі ды шклянкі

– Надакучылі п’яныя, якія валяюцца на дарозе, – скардзіцца жыхарка памежнага з Расеяй сельскага раёна. – Страшна ад страціўшых чалавечае аблічча хранічных алькаголікаў, якія патрабуюць у жонак ды бацькоў грошы на пітво. Такія людзі могуць і прыбіць за пяцёрку! Ім чарка ці шклянка даражэй за жыцьцё!

– У нас тут нелегальныя пункты продажу сурагату наладжаны раскошна, – з горыччу гаворыць яшчэ адна жанчына. – Мой муж стаў піць, дык я хадзіла да тых гандляроў і маліла, каб не давалі хаця б у доўг, бо дзеці без хлеба застануцца, а яны толькі сьмяяліся. Цяпер мы з мужыком разыйшліся, а ён з-за п’янства страціў працу... Проста прападае чалавек.

П’яная статыстыка

У геамэтрычнай прагрэсіі павялічваецца колькасьць пастаўленых на наркалягічны ўлік. Асабліва гэта тычыцца жанчын. З пачатку года ў Магілёўскай вобласьці на ўлік паставілі амаль 800 алькаголікаў, і каля сотні зь іх – жанчыны. Больш за дзьве тысячы чалавек з пачатку года пабывалі ў мэдвыцьвярэзьніках.

Кожнае пятае злачынства, учыненае на Магілеўшчыне, называюць "п’яным". Для таго, каб прадухіліць новыя злачынствы, ізаляваць п’яніц ад семьяў – малых дзяцей і старых бацькоў, іх накіроўваюць у лячэбна-прафіляктычня прафілякторыі. За тры месяцы года – больш за 200 чалавек, і гэта болей чым летась.