Культура

МАНА: Калі піць "культурна", то ў гэтым няма нічога дрэннага. Наадварот, у "культурным" вінапіцьці складзены ключ да вырашэньня ўсёй алькагольнай праблемы.

ПРАЎДА: Культура, розум, маральнасьць - усё гэта функцыі мозгу. І каб растлумачыць усю абсурднасьць прапановы "піць культурна", трэба хоць бы сьцісла пазнаёміцца з тым, як алькаголь дзейнічае на мозг.

Няма такога захворваньня, ход якога не пагоршыўся б ад ужываньня алькаголю. Няма такога органа ў чалавека, які б не пакутаваў ад прыёму сьпіртных напояў. Аднак больш усіх і цяжэй усіх пакутуе мозг. Калі канцэнтрацыю алькаголю ў крыві прыняць за адзінку, то ў печані яна будзе 1,45, у сьпінна-мазгавой вадкасьці -1,50, і ў галаўным мозгу -1,75.

Пры выкрыцьці найбольшыя зьмены маюць месца ў мозгу. Цьвёрдая мазгавая абалонка напружана, мяккія абалонкі ацечаныя, паўнакроўныя. Галаўны мозг рэзка ацечаны, сасуды пашыраныя, мноства дробных кістаў дыямэтрам 1-2 мм. Гэтыя дробныя кісты ўтвараюцца ў месцах кровазьліцьця і нэкрозу (амярцьвеньня) участкаў рэчыва мозгу.

Больш тонкае дасьледаваньне мозгу ў загінулага ад вострага алькагольнага ап'яненьня паказвае, што ў нэрвовых клетках наступілі зьмены ў пратаплязьме і ядрэ, гэтак жа рэзка выражаныя, як і пры атручваньні іншымі моцнымі ядамі. Пры гэтым клеткі кары галаўнога мозгу пашкоджаны значна больш, чым падкоркавых частак, гэта значыць алькаголь дзейнічае мацней на клеткі вышэйшых цэнтраў, чым найнізкіх. У галаўным мозгу адзначана моцнае перапаўненьне крывёй, нярэдка з разрывам сасудаў у мазгавых абалонках і на паверхні мазгавых зьвілін. У выпадках вострага алькагольнага атручваньня, але не сьмяротнага, у галаўным мозгу і ў нэрвовых клетках кары бываюць тыя ж зьмены, што апісаныя вышэй, якія прыводзяць да глыбокіх зьмен дзейнасьці і псыхікі чалавека.

Такія ж зьмены ў галаўным мозгу маюць месца ў пітушчых людзей, сьмерць якіх настала ад чыньнікаў, не зьвязаных з ужываньнем алькаголю.

Апісаныя зьмены ў рэчыве галаўнога мозгу незваротныя. Яны пакідаюць пасьля сябе незгладжальны сьлед у выглядзе выпадзеньня дробных і драбнюткіх структур мозгу, што непазьбежна адбіваецца на яго функцыі.

Сусьветная Арганізацыя Аховы здароўя вызначае алькагалізм як залежнасьць чалавека ад алькаголю. Гэта значыць, што чалавек знаходзіцца ў палоне ў наркотыку. Ён шукае любую магчымасьць, любую падставу, каб выпіць, а калі нагоды няма, ён п'е без усякай нагоды.