За рулём

МАНА: Невялікія дозы алькаголю, калі канцэнтрацыя яго ў крыві не перавышае пэўны ўзровень, ня шкодныя і дапушчальныя як на вытворчасьці, так і на транспарце.

ПРАЎДА: Дасьледаваньні чэхаславацкіх навукоўцаў паказалі, што кружка піва, выпітая шафёрам перад выездам, павялічвае колькасьць аварый у 7 разоў, прыём 50 грамаў гарэлкі - у 30 разоў, а прыём 200 грамаў гарэлкі - у 130 разоў у параўнаньні зь цьвярозымі шафёрамі. Аніякай "дапушчальнай" канцэнтрацыі сьпірту ў крыві, якая нібы не аказвае істотнага ўплыву на частату аварый на транспарце, не існуе.

Вясёлыя застольлі, абстаўленыя хораша і сьвяточна, пхаюць моладзь на паўтор такіх сустрэч зь вінапіцьцем у сваёй кампаніі і нярэдка зьяўляюцца пачаткам захапленьня сьпіртным з маркотным зыходам. А самае галоўнае, такія "культурныя" застольлі часта прыводзяць да катастрофаў, і так як іх учыняюць мільёны людзей, ніхто не палічыў, што прыносіць больш няшчасьцяў і трагедый - п'янства алькаголікаў або так званыя "культурныя" застольлі.

Могуць толькі абураць так званыя "навукоўцы", якія з разумным выглядам даказваюць бясшкоднасьць "умеркаваных” доз. Магчыма, яны і бясшкодныя ў тым сэнсе, што не выклікаюць сьмяротнага атручваньня неадкладна. Але алькаголь абавязкова прынясе шкоду здароўю: выкліча інтаксыкацыю, незваротную згубу клетак кары галаўнога мозгу, або справакуе няшчасны выпадак, якога б зь цьвярозым чалавекам ня здарылася б.

Прыём нават невялікай дозы алькаголю пазбаўляе чалавека здольнасьці правільна арыентавацца, у яго ўзьнікае залішняя самаўпэўненасьць, не забясьпечаная ўменьнем і досьведам, і ён значна часьцей, чым цьвярозы, трапляе ў бяду. Як жа можна лічыць бясшкоднымі нават малыя дозы алькаголю, калі яны ва ўсіх выпадках без выключэньня патэнцыйна шкодныя і небясьпечныя і калі не прывялі да катастрофы са сьмяротным зыходам, то прынесьлі пакуту мільёнам і мільёнам людзей!

У наша стагодзьдзе магутнага тэхнічнага пераўзбраеньня, пры вялікіх хуткасьцях мэханізмаў прыём любых доз алькагольных напояў пагражае прынесьці няшчасьце не толькі таму, хто выпіў, але і навакольным.

У сувязі з разьвіцьцём хуткаходнага транспарту алькаголь асабліва небясьпечны на шашэйных дарогах у кіроўцаў аўтамабіляў. Пры сучасных хуткасьцях руху транспарту рэакцыя на зьмену сытуацыі павінна быць імгненнай. Паміж тым, пасьля прыёму алькаголю нават у мінімальных дозах надыходзіць запаволеньне, а затым і прытупленьне адказнай рэакцыі. Чым больш прынятая доза, тым больш запозьненай становіцца рэакцыя на раздражняльнік. Адгэтуль і ўзрастаньне колькасьці катастроф у кіроўцаў, якія ужывалі алькаголь.

Віною аўтамабільных катастроф зьяўляецца не алькагалізм, не п'янства, як сьцьвярджае большасьць аўтараў артыкулаў і брашур. Вінавата само спажываньне алькаголю. Многія прыпісваюць усе беды злоўжываньню алькаголем і, затуляючыся гэтым, культывуюць ужываньне. Але ніхто і нідзе не правёў мяжы, дзе канчаецца ўжываньне і пачынаецца злоўжываньне. Ніхто не падлічыў, што больш прыносіць бед чалавецтву: ужываньне або злоўжываньне?

П'яніца рэдка садзіцца за руль. Кіруюць машынай тыя, хто, па іх меркаваньню, выпіў "культурна", "умераную" дозу. Вось пасьля такіх доз часьцей за ўсё і зьдзяйсьняюцца аварыі, бо "бясьпечныя" дозы існуюць толькі ва ўяўленьні п'яніц і іх заступнікаў. Насамрэч такіх доз не існуе. Любая доза шкодная і небясьпечная як для самога выпіўшага, так і для атачэньня.

Насамрэч, што можа быць больш умеранай дозай, чым кружка піва? А яна, аказваецца, павялічвае небясьпеку аўтамабільнай катастрофы ў сем разоў! Падумаць толькі - у сем разоў!

У некаторых краінах выносяцца рашэньні, каб у кіроўцаў правяралася колькасьць алькаголю ў крыві, і калі яна перавышае вызначаны ўзровень, шафёр падвяргаецца штрафу. Па гэтай нагодзе ў часопісе "Здароўе сьвету" (1973 г., № 10 - 11) ад імя САЗ цалкам справядліва пішацца: "Патрабаваць ад кіроўцаў, каб алькаголь у іх у крыві не перавышаў вызначанай канцэнтрацыі, у той час, як яны не ведаюць, што гэта такое, раўнасільна таму, каб патрабаваць прытрымлівацца вызначанай хуткасьці, не дазваляючы глядзець на сьпідомэтар".

У той жа час дазвол ужываць нейкую колькасьць алькаголю дае магчымасьць п'яніцам-шафёрам парушаць закон цьвярозасьці.

Калі ж сур'ёзна гаварыць аб абароне людзей, то мы ўсе павінны ведаць, што пасьля ўжываньня нават малых доз алькаголю функцыі вышэйшых аддзелаў мозгу прыходзяць у норму толькі праз 18 - 20 дзён! Гэта даказана і ў досьледах на жывёлах, і адмысловымі экспэрымэнтамі на людзях.

І. П. Паўлаў на сабаках паказаў, што рэфлексы згасаюць або парушаюцца не толькі ў дзень прыёму малых доз алькаголю, але і праз 6 - 12 дзён пасьля.

Думаецца, што больш гуманным зьяўляецца закон, прыняты ў Японіі, па якім кіроўца, зьдзейсьніўшы ў нецьвярозым выглядзе аварыю з чалавечымі ахвярамі, прысуджаецца да сьмяротнай кары.

Па дадзеных САЗ звыш 50% выпадкаў траўматызму на аўтамабільных дарогах зьвязана з ужываньнем алькаголю. Штогод на аўтамабільных дарогах гіне 250 тысяч чалавек, акрамя таго 10 мільёнаў атрымліваюць траўмы пасьля якіх застаюцца інвалідамі. У васемнаццаці дасьледаваных краінах Эўропы сярод пацярпелых было ад 20 да 50% людзей у веку ад 15 да 25 гадоў. Нядзіўна, што з гадамі значна павялічваецца лік асоб са стойкай недзеяздольнасьцю. Людзі маладога веку маюць больш шанцаў выжыць пасьля траўмы - адгэтуль павелічэньне колькасьці інвалідаў, у тым ліку, маладога веку.

Ствараецца ўражаньне, што ўсе паступова абвыкаюць да пагібелі людзей ад траўм. Падумаць толькі: у год 250 тысяч забітых і 10 мільёнаў атрымаўшых траўмы! Колькі трагедый, колькі паламаных лёсаў! І віной гэтаму ў большасьці выпадкаў зьяўляецца алькаголь!

У ФРГ яшчэ ў 1975 годзе на адну сьмерць на дарогах прыходзілася 42 раненьні. У ЗША на адзін выпадак са сьмяротным зыходам - 100 выпадкаў траўмаў, якія патрабуюць шпіталізацыі або доўгага хатняга лячэньня. Сярод іх нямала такіх раненьняў, пасьля якіх людзі паміралі праз некалькі гадоў ад хвароб, якія зьявіліся адлюстраванымі наступствамі няшчасных выпадкаў.

У значнай ступені гэта тычыцца сардэчна-сасудавых захворваньняў. Пацярпелыя ад няшчасных выпадкаў на дарогах нярэдка паміраюць ад інфаркту праз год-два або ад гіпэртаніі праз некалькі гадоў. Адзначана, што пасьля траўмаў чэрапа ў вялікім адсотку выпадкаў назіраецца падвышэньне ціску ўжо ў маладым веку. Дарэчы, раньняя гіпэртанія адзначаная і ў баксёраў як вынік частых траўм чэрапа. Так што сьмяротнасьць ад траўматызму значна вышэй, чым паказана ў справаздачах.

Толькі ў 1975 году, па разьліках буйнага навукоўца Б. Урланіса алькаголь звалок на нашай плянэце 3,5 мільёна чалавек. Гэта на 300 тысяч больш, чым ад вайсковых дзеяньняў, неспрыяльнай спадчыннасьці, стыхійных бедстваў, тэрарызму, атлусьценьня, злачыннасьці і хуліганстваў разам узятых! П'янства "перацягнула" усе згаданыя бедствы і працягвае нарастаць - асабліва ў эканамічна разьвітых краінах.