"Ці Вы лічыце натуральным, што ў нашай краіне ўжо нікога ня зьдзіўляе 10-гадовы маладзён з цыгарэтай, альбо кампанія 12-гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак з бутэлькамі піва ў рукох?
Ці Вы лічыце натуральным, што толькі за апошні год колькасьць спажываньня водкі ўзрасла на 30%, а так званых "чарнілаў" на 50% (пры гэтым апошніх спажываюць на 80% больш чым натуральных сокаў)?
Ці Вы лічыце натуральным, што галоўным аргумэнтам у барацьбе з дэмаграфічнай катастрофай у нашай краіне зьяўляецца будаўніцтва двух новых сьпіртовых заводаў у гэтым годзе і яшчэ аднаго, найбуйнейшага за ўсе існуючыя на Беларусі, у наступным?
Ці Вы лічыце натуральным, што кіраўніцтва краіны называе п'янства, якога тысячу гадоў проста не існавала на нашых землях, беларускай традыцыяй?
Ці Вы лічыце натуральным, што дзякуючы такой палітыцы цяперашніх уладаў праз 80 год беларусаў у сьвеце проста не застанецца?
Калі НЕ, то мы зьвяртаемся да Вас
- паважаныя суайчыньнікі, 50 апошніх год існаваньня Савецкага Саюза адзначыліся плянамерным зьнітоўваньнем многіх народдаў былой імпэрыі, не абмінула гэткая спроба наўпроставага генацыду і беларусаў; у 1991 годзе савецкай імпэрыі ня стала і наша краіна аднавіла незалежнасьць; тым ня менш палітыка зьнітоўваньня нацыі, а па сутнасьці генацыду, доўжыцца да гэтага часу; самае жудаснае, што галоўнымі ахвярамі гэткага бязьлітаснага алькагольнага прасоўваньня зьяўляецца наша моладзь, нашыя дзеткі, наша будучыня; таму толькі наша з вамі сумеснае асэнсаваньне й усьведамленьне значнасьці і вынішчальнасьці гэтай зьявы можа зьмяніць гэтую жахлівую сытуацыю, у якой апынуліся мы, нашыя блізкія і сябры, нашыя дзеці; заклікаем Вас да цьвярозага пераасэнсаваньня свайго стаўленьня да "традыцыі" п'янства, заклікаем прыкласьці ўсе свае намаганьні дзеля адраджэньня хрысьціянскіх і сапраўды нацыянальных каштоўнасьцяў, уласьцівых нашаму народу;
- прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі і інтэлектуальныя колы Беларусі, паважаныя пісьменьнікі, паэты і літэратары, мастакі, музыкі, кінематграфісты, творцы і асабліва журналісты, кожны з вас добра бачыць тую ганебную карціну, якая вымалёўвываецца ў нашым грамадзтве; паток буруду, ілжы і непрыкрытай алькагольнай прапаганды ільюцца на нас з тэле і кінаэкранаў, са старонак кнігаў, журналаў і газэтаў, з музычных радыёэфіраў і старонак Інтэрнэту, і мы, як тыя немаўляты, усё гэта паглынаем і рэпрэзэнтуем; нам весела і забаўна глядзець на самаатручваючыхся алькаголем на тэлеэкранах, мы сьмяемся зь гісторыяў, што адбываюцца зь пітушчымі, а по тым зьдзіўляемся падпітым падлеткам на вуліцах, шматлікім нерадзівым бацькам, мы зачыняе вочы на стала растучую колькасьць псыхічна хворых дзетак, растучую колькасьць дзетак у прыютах пры наяўнасьці жывых бацькоў; адказ жа на дэмагарфічную катастрофу мы шукаем у эканамічных праблемах у той час як на ўсёй плянэце мільёны людзей матэрыяльна жывуць горш за нас, а пра дэмаграфічныя праблемы і слыхам ня слыхалі; таму ў першую чаргу мы зьвяртаемся да нашай нацыянальнай эліты, менавіта на вышых плячох ляжыць найвялікшая доля адказнасьці за лёс нашай бацькаўшчыны, менавіта да вас у першую чаргу прыслухоўваецца і народ, і ўлада, і апазыцыя;
- прадстаўнікі ўлады і апазыцыі, спадзяемся што сярод вас яшчэ засталіся цьвярозыя людзі, якія ўсьведамляюць што п'янства ніколі не было беларускай традыцыяй і не пры якіх умовах не павінна ёй стаць, бо гэты шлях вядзе да згубы нацыі, да яе генацыду і поўнага вынішчэньня ў найкарацейшыя тэрміны; тым ня менш цяперашняе кіраўніцтва краіны менавіта такога стаўленьня да праблемы і прытрымліваецца; дэкляруючы барацьбу з п'янствам, дзяржава зрабіла алькаголь даступным кожнаму падлетку; мы заклікаем неабыякавых прадстаўнікоў улады і апазыцыі тэрмінова перагледзець стаўленьне да гэтай праблемы, зьвярнуўшыся да досьведу скандынаўскіх краін Эўропы і да рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя па гэтым пытаньні; разумеючы пэўную непапулярнасьць сярод насельніцтва крокаў у гэтым накірунку, мы, тым ня менш, павінны ўсьведамляць сваю адказнасьць за лёс цяперашняга маладога пакаленьня і адпаведна за лёс нацыі, мы павінны разумець неабходнасьць такіх захадаў; мы ўпэўненыя, што не адныя бацькі на сьвеце не жадаюць, каб іх дзеці атручвалі сябе алькаголем, гэтак сама і сярод дзяцей няма такіх, якія б хацелі бачыць сваіх бацькоў пітушчымі.
Малады Фронт, г. Салігорск, 22.10.2007 г.

